Зміцер Вішнёў выпускае новую кнігу “Мая свабода п'яная і танчыць аголенай”. Паводле аўтара, зборнік складзены з розных тэкстаў — гэта пераважна эсэ, напісаныя цягам апошніх пяці гадоў, якія друкаваліся ў нямецкіх выданнях і на інтэрнэт-платформах. Апроч эсэістыкі ў кнігу ўвойдуць апавяданні, казкі, некалькі вершаў, паэтычны дзённік і п'еса. “Усе творы аб'яднаныя агульнай тэмай свабоды. Гэта кніга пра свабоду — у мысленні, у мове, у форме і ў праве быць розным. Пра свабоду як галоўную ўмову існавання тэксту і аўтарскага голасу”, — распавядае Вішнёў. Пісьменнік кажа, што атрымаўся цэласны і жывы сусвет са сваімі героямі і экзатычнымі драпежнікамі, страхамі і перамогамі. Таксама ў кніжцы ёсць асэнсаванне досведу эміграцыі, развагі пра дыктатуру, літаратуру і культуру. Кніга выходзіць у выдавецтве Skaryna Press. Яе прэзентацыя адбудзецца ў берлінскім клубе PANDA platforma 17 верасня.