Папулярны мінскі тэатр упершыню пачне ставіць спектаклі на рускай мове. Прэм’ерай новага сезону Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) стане спектакль "Маленькія трагедыі" паводле аднайменнага твора Аляксандра Пушкіна. Як вынікае з публікацыі на сайце тэатра, спектакль будзе пастаўлены па-руску. Рыхтуе пастаноўку Святлана Навуменка. Яна стала дырэктаркай РТПД у жніўні 2024-га. Увосень таго ж года ў тэатры прайшлі масавыя звальненні, праз што быў адменены шэраг спектакляў. На сёння ў Беларусі 28 прафесійных тэатраў. РТБД адзін з трох, дзе ставяць спектаклі толькі па-беларуску. Калі ж у гэтым тэатры адбудзецца рускамоўная пастаноўка, то беларускіх тэатраў застанецца толькі два — Купалаўскі ў Мінску і Коласаўскі ў Віцебску.