☝️Беларусу, які амаль 6 гадоў таму з'ехаў з радзімы, далі завочны турэмны тэрмін, статус «тэрарыста», а цяпер яшчэ і «аджымаюць» усю маёмасць Дзмітрый Баніт, які быў вымушаны пакінуць Беларусь яшчэ ў снежні 2020-га, расказаў пра сваё «завочнае» супрацьстаянне з рэжымам Лукашэнкі журналістам @mostmediaio. Нагодаю завесці на Дзмітрыя крымінальную справу стаў ягоны ўдзел у маршах пратэсту ды каментары ў інтэрнэце. У часе, пакуль ішло следства, да сваякоў мужчыны перыядычна прыходзілі сілавікі; аднойчы яму нават тэлефанавалі з нумара дачкі і пагражалі, што «дастануць і ў Польшчы, знойдуць у канаве або лесапаласе». Увесну гэтага года Дзмітрыю завочна далі 6 гадоў узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле 5 крымінальных артыкулаў. «Бонусам» да гэтага ішоў штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (45 000 BYN), статус «тэрарыста» і пазбаўленне звання малодшага сержанта запасу. На момант ад'езду з радзімы Дзмітрый меў ва ўласнасці дзве кватэры і лецішча. Неўзабаве пасля вымушанай эміграцыі мужчына развёўся, пакінуўшы двухпакаёвую кватэру былой жонцы з дачкой. Аднапакаёўка ў Баранавічах ды лецішча засталіся запісанымі на мужчыну. Цяпер уся нерухомасць знаходзіцца пад арыштам, а маці Дзмітрыя тэлефануюць з органаў прымусовага выканання ды просяць пакінуць жытло. Забіраюць маёмасць і з той кватэры, дзе цяпер жывуць былая жонка і дачка «завочна асуджанага». Баніт кажа, што адтуль ужо вынеслі мікрахвалёўку, пыласос, прас, хатні тэлефон, электрагітару ды два стулы. Нядаўна прыйшлі, каб сфатаграфаваць шафу-купэ і заявілі, што мэбля будзе выстаўленая на продаж праз сайт Kufar. 📷 Фота ілюстрацыйнае