💬 «Я расказваў пра парушэнні правоў чалавека ў беларускіх турмах, пра тое, што бачыў і перажыў сам. У Беларусі гэта назвалі „садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці“» Праваабаронца Леанід Судаленка апублікаваў леташні адказ Генпракуратуры на ягоную скаргу, датычную завочнага прысуду ў 5 гадоў калоніі. Намеснік кіраўніка ведамства Аляксей Стук патлумачыў, што нагодаю для пераследу зрабіліся інтэрв'ю Судаленкі незалежным медыям (у тым ліку «Белсату»), а паколькі гэтыя СМІ прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», то каментары ім уважаюцца за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Стук напісаў, што праваабаронца сваімі інтэрв'ю «забяспечыў працяг дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў шляхам напаўнення інфармацыйнага парадку дня матэрыялам, што дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь». Аніякіх працэсуальных парушэнняў падчас спецыяльнага вядзення і суда высокапасадовец з Генпракуратуры не заўважыў.