«Людзей, якіх здаваў Пратасевіч, жорстка збівалі і катавалі». Пальчыс распавёў, што Пратасевіч быў галоўным сведкам у ягонай справе Услед за інтэрв'ю Соф'і Сапегі, былы палітвязень Эдуард Пальчыс распавёў пра ролю Рамана Пратасевіча ў сваёй крымінальнай справе. Галоўная прэтэнзія Пальчыса да Пратасевіча, што той нават не паспрабаваў знішчыць тэхніку: «Зламаць тэлефон і ноўтбук, выкінуць іх ва ўнітаз, запусціць працэс фарматавання – што заўгодна. Ён цалкам даў тэлефон, па якім следчыя спакойна лазілі з дапамогай спецыяльнага софту, выцягваючы ўсе дадзеныя. Уводзілі прозвішча чалавека, які іх цікавіў, і адразу бачылі ўсе перапіскі ці ўзаемасувязі» Пратасевіч быў галоўным сведкам абвінавачання па справе Пальчыса, аднак на суд яго не прывялі: «Суддзя дэманстратыўна некалькі разоў пытаўся ў пракурора: «А дзе ж галоўны сведка?», на што нязменна гучаў адказ: «На следчых дзеяннях». Відаць, баяліся, што я змагу аказаць на яго псіхалагічнае ўздзеянне» Пальчыс таксама распавёў, як абыходзіліся з людзьмі, інфармацыя пра якіх магла трапіць да сілавікоў праз тэхніку Пратасевіча: «Людзей, якіх здаў Пратасевіч, прымалі вельмі жорстка: збіцці, катаванні, прыніжэнні – усё ішло поўным камплектам. Асабліва тых, хто дапамагаў здабываць дадзеныя на сілавікоў і чыноўнікаў» #Рэпрэсіі