💭«Ён стаяў перада мной на каленях і паўтараў: "Соня, калі ласка, падпішы"». Соф’я Сапега, якая была ў самалёце Ryanair разам Раманам Пратасевічам, распавяла падрабязнасці пра прымусовую пасадку і затрыманне. Першую частку вялікай размовы апублікавала выданне «Зеркало». Паводле Сапегі, пасля затрымання ў СІЗА КДБ Пратасевіч угаворваў яе падпісаць пагадненне аб супрацы са следствам. Ён плакаў і прасіў пагадзіцца, кажучы, што ёй могуць даць 12 гадоў зняволення. Сапега падпісала пагадненне. Цяпер яна лічыць, што спецслужбы выкарыстоўвалі яе пачуцці да Пратасевіча. Паводле яе, сам Пратасевіч пачаў даваць паказанні ўжо ў першыя гадзіны пасля затрымання і распавёў пра яе і іншых удзельнікаў праекту «Чорная кніга Беларусі». Яна кажа, што сярод ГУБАЗіК-аўцаў, якія былі ў аэрапорце, яна пазнала Артур Гайко, які працаваў у «Чорнай кнізе Беларусі». Падазрэнні пра яго ўзніклі яшчэ ў 2020 годзе. Падчас затрымання на Сапегу таксама ціснулі пагрозамі збіцця. Калі сілавікі прымушалі яе запісаць «пакаяльнае» відэа, адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКу сказаў: «Ты либо читаешь текст, либо мы тебя здесь сейчас изобьем». У інтэрв’ю яна таксама расказала пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і ў СІЗА КДБ, а яшчэ пра хатні арышт разам з Пратасевічам пад наглядам спецслужбаў.