😨 Маладая лекарка са Старобіна не прачнулася пасля анэстэзіі ў часе стаматалагічнай аперацыі На гісторыю звярнула ўвагу @nashaniva. Валерыі Баброўнік было 30 гадоў, яна працавала намесніцай загадчыка па медыцынскай частцы Старобінскай гарадской больніцы. Каля месяца таму яна папрасіла парады ў карыстальнікаў Threads – шукала добрага стаматолага, які б выдаліў зуб мудрасці. Звычайна гэта вельмі простая аперацыя, аднак у выпадку з Валерыяй сітуацыя была досыць складаная. «Стаматолагі ў маім горадзе адмовіліся выдаляць, бо трэба пілаваць костку (корань пайшоў у костку)», – тлумачыла дзяўчына. У выніку Валерыя дамовілася на аперацыю з менскай клінікаю «Стамарус». Для агульнай анэстэзіі ў гэтай установе выкарыстоўваюць прэпараты «Севафлуран» і «Прапафол». Для дарослага чалавека яны, як правіла, бяспечныя, аднак могуць здарацца вельмі рэдкія (на ўзроўні статыстычнай пагрэшнасці) выпадкі вострай алергічнай рэакцыі. Падобна, акурат нешта такое адбылося з Валерыяй – пасля наркозу яна не прачнулася. Заўтра ў Мікашэвічах пройдзе цырымонія развітання з Валерыяй. У яе застаўся муж і 7-гадовы сын.