💬 «Вы ж бачылі, як Лукашэнка ў апошні раз падмануў Коўла наконт выпуску 200 нашых зняволеных» Былы палітвязень Эдуард Пальчыс вельмі скептычна адрэагаваў на сваёй Facebook-старонцы на адкрыты ліст 73 іншых экс-палітзняволеных да Еўразвязу. «Чамусьці інтуіцыя мне падказвае, што гэты "адкрыты ліст" будзе выкарыстоўвацца ў кулуарных размовах з еўрапейскімі дыпламатамі зусім іншымі асобамі. І вось ужо да гэтых асобаў (а не да падпісантаў ліста) у мяне ёсць канкрэтныя пытанні. [...] Вы ж бачылі, як Лукашэнка ў апошні раз падмануў Джона Коўла наконт выпуску 200 нашых зняволеных. Людзі ўжо сабралі рэчы, іх чакалі родныя каля варотаў, але ў апошні момант усё адмянілі. Я не ведаю, якое эга павінна быць у галаве тых людзей, якія сапраўды думаюць, што вось з імі нехта проста так сядзе пра нешта размаўляць. Тым больш, калі ў вас не будзе ніякага сур'ёзнага рычагу ціску. Паверце, адна дзяржаўная бюракратыя будзе перамаўляцца з іншай, а не з людзьмі, якія не заўжды безпраблемна дакументы па легалізацыі могуць атрымаць. Іншы момант – як нам вызваліць усіх? Абсалютна ўсіх? [...] Як нам даведацца пра ўсіх? Бо сістэма стала настолькі непразрыстай, што мы можам не бачыць новых палітычных вязняў. [...] Я ўжо маўчу пра той пакет законаў і практык, які ператварыў Беларусь у лакальную "КНДР", дзе сілавік прама на вуліцы можа залезці ў тэлефон. Трэба думаць наперад і пра астатнія 9 мільёнаў, якіх мы пакідаем у вялізнай калоніі БССР 2.0» Пальчыса ў каментарах пад пастом падтрымалі прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук ды журналістка Аксана Колб, якія таксама прайшлі праз рэпрэсіі. А Павел Севярынец адзначыў, што да яго аўтары ліста з просьбаю паставіць подпіс наогул не звярталіся.