👀 Маскаваўся пад таксіста, сустракаўся з КДБ у Будапэшце. Стала вядома больш пра Уладзіслава Надзейку, якога Польшча перадала Беларусі ў межах «шпіёнскага абмену» У рэпартажы «Nowa zimna wojna» тэлеканалу TVP раскрываюцца падрабязнасці дзейнасці Надзейкі ў Польшчы. Мужчына жыў у Беластоку, куды перабраўся з Горадні пасля падзеяў 2020 года. Жанчына, да бацькі якой у Беларусі пасля размоваў з Надзейкам прыходзілі сілавікі, расказала журналістам: шпіён хваліўся, што мае вялізныя сумы грошай, заробленыя дзякуючы кантрабандзе цыгарэтаў. Іх, маўляў, хопіць да канца жыцця. Надзейка жыў у люксавых апартаментах у цэнтры гораду, за жытло плаціў толькі наяўнымі. Галоўным поспехам шпіёна стала тое, што ён інфільтраваўся ў парамілітарную арганізацыю «Паспалітае рушэнне» ды здолеў перадаць сілавікам Лукашэнкі прозвішчы ейных чальцоў. Асабістыя сустрэчы Надзейкі з КДБістамі адбываліся ў Будапэшце, бо ў часы кіравання Віктара Орбана спецслужбы РБ і РФ маглі не перажываць за сваю бяспеку ў сталіцы Вугоршчыны. Польская Агенцыя ўнутранай бяспекі затрымала Уладзіслава Надзейку ў верасні 2025 года. А сёлета ў красавіку мужчына стаў часткаю абмену, па выніках якога з турмы быў вызвалены Анджэй Пачобут.