☝️«Вёску практычна нішчаць»: пад Чэрвенем закрылі адзіную краму У вёсцы Калодзежы Чэрвеньскага раёну закрылі адзіную краму. Мясцовыя жыхары звярнуліся па дапамогу праз TikTok і просяць яе вярнуць: для многіх, асабліва пажылых людзей, гэта была адзіная магчымасць купіць прадукты побач з домам. «Засталася адна адзіная кропка, якая паказвала, што вёска пакуль яшчэ жывая. Але зараз нашую краму закрылі», — гаворыцца ў звароце. Да бліжэйшай крамы ў Чэрвені каля 10 кіламетраў. Цяпер у Калодзеж прыязджаюць аўталаўкі, але, паводле мясцовых, яны не вырашаюць праблему. «Калі адкрытая крама, пажылы чалавек там можа купіць сабе хаця б буханку хлеба, большага можа яму і не трэба. А калі крамы няма, даводзіцца доўга чакаць, каб прыехала аўталаўка. А потым здзіўляюцца, чаму людзі збягаюць з вёсак. Таму што вёску практычна нішчаць», — падсумоўваюць вяскоўцы. Жыхары Калодзежа таксама кажуць, што крама была часткай паўсядзённага жыцця, а пасля яе закрыцця ў вёсцы амаль не засталося месцаў, дзе людзі могуць сустрэцца. ☝️