❗️ Ціханоўскі: Лукашэнка прызнаўся ў спробе фальсіфікацыі праз платформу «Голас» На сваім стрыме Сяргей Ціханоўскі распавёў пра дэталі знакамітай сустрэчы ў СІЗА КДБ з Лукашэнкам. Паводле Ціханоўскага, Лукашэнка казаў, што ягоныя падначаленыя прапанавалі ўкінуць у альтэрнатыўную сістэму «Голас» каля 600 тысяч фальшывых галасоў за дыктатара. Але потым гэтыя галасы нібыта прыбралі з сістэмы: «Яны за мяне ўкінулі каля 600 тысяч бюлетэняў. І што вы думаеце? Я там таксама перамог». – пераказаў словы Лукашэнкі Ціханоўскі. Таксама былы палітвязень узгадаў размову пра 900 тысяч долараў, якія, яму падкінулі падчас крымінальнай справы. На пытанне пра гэтыя грошы Лукашэнка, згодна з Ціханоўскім, адказаў, што палітыка – брудная справа, і трэба было быць да гэтага гатовым: «Калі вы пайшлі ў палітыку, то павінны быць гатовыя да таго, што вам падкінуць грошы, схопяць і пасадзяць у турму». Паводле Ціханоўскага, Лукашэнка таксама распавядаў, што хацеў вызваліць яго і разам са Святланай Ціханоўскай выправадзіць з Беларусі. На аповеды Ціханоўскага падчас стрыму звярнула ўвагу выданне «Зеркало».