⚫️ Праваабаронцы: У калоніі памёр віцебскі лекар Ігар Пасноў — ён быў ахвярай карнай псіхіятрыі Пра смерць Паснова ў ПК-1 распавёў праваабаронца Павел Левінаў са спасылкай на ўласныя крыніцы. Прычына смерці пакуль невядомая — піша «Віцебская Вясна». Пасноў стаў вядомы як «лекар-праўдаруб», калі пачаў адкрыта казаць пра праблемы ў віцебскай медыцыне. У 2013 годзе пасля выступу на «Белсаце» яго змясцілі ў псіхіятрычную клініку. Пазней незалежныя спецыялісты заявілі, што Пасноў не меў патрэбы ў лячэнні. У 2019 годзе яго асудзілі за паклёп на віцебскага пракурора. Але хутка Пасноў апынуўся на волі, а вызваленне сам тлумачыў «амністыяй» або «здзелкай». Ён зноў пачаў працаваць лекарам і крытыкаваў улады, у тым ліку за ігнараванне праблемаў з каронавірусам. Калі і за што Пасноў трапіў у калонію, дакладна невядома. Былыя зняволеныя казалі пра яго жахлівае фізічнае і псіхалагічнае становішча, і здзекі з боку адміністрацыі. Пасноў спрабаваў адстойваць свае правы, але безвынікова. У калоніі Пасноў меў два «прафулікі»: «схільнасць да нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праяваў агрэсіі» і «схільнасць да здзяйснення суіцыду і самакалечання».