📍Паліна Шарэнда-Панасюк расказала, як ёй «паставілі дыягназ» у зняволенні Нарколагу-псіхіятру з папраўчай калоніі №24 у пасёлку Зарэчча Паўлу Бурвелю хапіла двух размоваў з экс-палітзняволенай, каб вызначыць, якую «псіхічную хваробу» яна мае. Вось як апісвае гэтую сітуацыю сама Шарэнда-Панасюк: «Першы раз Бурвеля я ўбачыла, калі вывелі з ШІЗА для гэтак званага медагляду псіхіятра. Адразу сказала яму, што ў ягоных паслугах патрэбы не маю. Ён: "А чаму?" - "А таму што я палітзняволеная, таму што мяне трымаюць тут незаконна, таму што тэрор..." - "І вы ў гэта верыце?" І пасміхаецца гэтак з мяне-недарэкі. Аааа, стоп! Палітзняволеных у нас няма, знаёмая песня. Усё з гэтым "медыкам" зразумела, я рэзка перарвала размову і сышла. А Павел Іванавіч, падазраю, пакрыўдзіўся, адчуў дысананс з усеагульнай любоўю да сябе. Ува што верыць ён сам, ён патлумачыў мне пры наступнай сустрэчы, пяпярэдне націснуўшы "выкл." на відэарэгістратары. - "А я вось веру, што за Лукашэнку прагаласавала 80%, што на мітыгні супраць яго выйшла 2-3 тысячы чалавек, што маіх таварышаў пабілі і таму правільна вас тут прэсуюць!" [...] - "Дык вы лекар альбо кат?" Не столькі пыталася ў яго, як канстатавала факт. Напрыканцы 2022-га, калі мяне ўжо бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА, Павел Іванавіч Бурвель звольніўся з калоніі. Але "падарунак" пасля сябе пакінуў. У чэрвені 2023-га адна з ягоных "кліентак" збіла мяне ў ПКТ, адміністрацыя тады заварушылася, пачала імітаваць расследванне выпадку, у выніку чаго ў мае рукі патрапілі паперы, якія вяла на мяне медчастка калоніі. Ляжала там і дакладная запіска псіхіятра за восень-2022. Чорным па белым Павел Іванавіч Бурвель пісаў: "Называет себя политзаключенной. Диагноз – параноидальное расстройство личности". І подпіс»