👀 Чыноўнікі ад адукацыі заявілі, што пакаралі настаўнікаў менскай школы за «паборы» перад выпускным Нагадаем: на пачатку верасня гісторыяй падзялілася былая вучаніца 9-га класу сталічнай школы №66. Яна зрабіла допіс у Threads (які суправаджаўся адпаведнымі скрыншотамі з чатаў), дзе падрабязна расказала, колькі грошай і на што канкрэтна збіраў бацькоўскі камітэт, каб «падмасліць» настаўнікаў перад іспытамі. Свае скаргі школьніца (з дапамогаю бацькоў) накіравала ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Там такой «дробяззю» займацца не сталі, аднак пераслалі ліст на ўзровень ніжэй – у адміністрацыю Савецкага раёна Менску. Тамтэйшае Упраўленне па адукацыі не стала ігнараваць праблему. У адказе, які прыйшоў дзяўчыне, гаворыцца, што «праведзенае ўнутранае разбіральніцтва», «факт беспадстаўных збораў пацверджаны», а да асобаў, што дапусцілі правіну, прымененыя «захады дысцыплінарнага спагнання». ✍️ Большасць беларусаў у каментарах дзякуе дзяўчыне за неабыякавасць (бо праблема падобных пабораў, відавочна, існуе ў вялізнай колькасці школаў), аднак ёсць і тыя, хто мяркуе, што ёй «будзе цяжка ў жыцці» і што ўся гісторыя з паборамі – паклёп, бо «школа нармальная».