🇱🇻 Латвія забараніла вяшчанне «Радыё Беларусь» на сваёй тэрыторыі. Мінінфарм РБ адрэагаваў на гэта з «рашучым асуджэннем» Латвійская Нацыянальная рада па электронных СМІ (NEPLP), прыняла адпаведную пастанову 17 верасня. А ўчора яна была афіцыйна апублікаваная. Сігнал «Радыё Беларусь» пакрывае значную частку ўсходніх раёнаў Латвіі (у тым ліку буйны горад Даўгаўпілс), бо распаўсюджваецца з перадатчыка ў Браславе. Аргументуючы забарону на вяшчанне, NEPLP указаў на тое, што ў эфіры «Радыё Беларусь» ставілася пад сумнеў незалежнасць латвійскіх медыяў, крытыкаваліся рашэнні ўладаў Латвіі ды Еўразвязу, аповеды пра падзеі Другой сусветнай вайны былі аднабаковымі. Акрамя таго, жыхароў Латвіі заклікалі ездзіць у Беларусь, падкрэсліваючы, што гэта бяспечна (у той час як МЗС Латвіі так не лічыць і неаднаразова выдаваў камунікаты з засцярогамі для латвійцаў). Прымаючы да ўвагі ўсё апісанае вышэй, Рада па электронных СМІ робіць выснову, што кантэнт з эфіру «Радыё Беларусь» нясе пагрозу дзяржаўным інтарэсам Латвіі ды ейнай нацыянальнай бяспецы. Апублікаваная забарона датычыць не толькі вяшчання ў FM-дыяпазоне, але таксама інтэрнэт-эфіраў. 👀 Міністэрства інфармацыі РБ не пакінула гэты крок без адказу (пакуль толькі пісьмовага). У ведамстве лічаць, што дзяржаўныя органы Латвіі «хочуць не дапусціць распаўсюду аб'ектыўнай і вартай даверу інфармацыі». Мінінфарм падкрэсліў, што «рашуча асуджае» пастанову NEPLP.