💬 «Гэта вайна за суб’ектнасць, а не толькі за тэрыторыі. "Русский мир" атакуе нашу суб’ектнасць» Такую думку агучыла падчас чарговай дыскусіі Форуму Астрожскіх дырэктарка ўкраінскага Інстытуту нацыянальнай устойлівасці і бяспекі Рэна Маруцян. Наш карэспандэнт Вітаўт Сіўчык, прысутны на месцы падзеяў, так падсумаваў ключавыя пасылы ранішніх абмеркаванняў: «І беларусы, і ўкраінцы дагэтуль кшталтуюцца як нацыі у плане свядомасці. "Савецкасць" і абыякавасць часткі беларускага грамадства – не канстанта, а эфект мэтанакіраванай палітыкі спачатку СССР, а потым рэжыму Лукашэнкі. Таму нацыянальная адукацыя і беларускамоўныя медыі надзвычай важныя для пашырэння колькасці нацыянальна свядомых людзей. Тым больш, што нават умоўна постсавецкая частка беларусаў збольшага негатыўна ўспрымае вайну».