🤯 Забіў тым жа нажом, якім за хвіліну да таго наразаў гародніну для салату У афіцыйным выданні МУС «На страже» раскрылі некаторыя падрабязнасці рэзананснага забойства цяжарнай жанчыны ў Менску. Меркавана, яго здзейсніў 38-гадовы Аляксей Гаўрылёнак. Хоць следства працягваецца, аднак мужчына ўжо сам прызнаўся ў здзейсненым страшным злачынстве. Калі верыць ягонаму апісанню падзеяў, карціна выглядала наступным чынам. Раніцаю 8 верасня Гаўрылёнак быў разам са сваёй будучай ахвяраю – ён гатаваў салат, а Таццяна Мартышчанка ў чарговы раз завяла размову пра будучыню пары. Тым больш, што яна чакала ад Аляксея дзіця, а той меў уласную сям'ю і мусіў бы вызначыцца, з кім хоча заставацца далей. Пабачыўшы нерашучасць мужчыны, Таццяна стала гразіць тым, што сыдзе да іншага. Для забойцы гэта стала «трыгерам» – ён пачаў наносіць сваёй палюбоўніцы ўдары тым жа нажом, з дапамогаю якога толькі што гатаваў салат. Нажавых раненняў Таццяне было нанесена не менш за 15. Цела забітай Гаўрылёнак пакінуў у ваннай ды сышоў. Праз пару гадзін ён набыў у краме рыдлёўку. На наступны дзень вярнуўся ў кватэру, дзе адбылося забойства, і стаў пазбаўляцца ад слядоў. Труп жанчыны ён паклаў у чорную торбу, а на галаву апрануў пакет. Увечары, калі апусцілася цемра, забойца паклаў торбу і пластыкавы чамадан з улікамі ў машыну ды паехаў за горад. На шляху выкінуў у раку смартфон сваёй і ахвяры ды ключы ад ейнай кватэры. Непадалёк ад Лагойска Гаўрылёнак заехаў у лес, прайшоўся пешшу ўглыб гушчару, выбраў месца для «пахавання» і пакінуў цела там. Пазней высветлілася, што пазбавіцца ад усіх улікаў у яго не атрымалася – падчас вобшуку аўтамабіля забойцы аператыўнікі знайшлі там майку жанчыны са слядамі засохлай крыві, якая выпала з чамадана ў салон. Гаўрылёнак гэтага нават не заўважыў, пры тым што пасля заканчэння сваіх «чорных справаў» прапыласосіў салон легкавіка.