Вызвалены Андрэй Аляксандраў – беларускі журналіст і медыяменеджар Ён з 2015 па 2018 год быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, пасля 2018-га працаваў там медыякансультантам. Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 года разам з партнёркай Ірынай Злобінай. Іх абаіх змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, а пазней Андрэя перавялі ў СІЗА-1. Паводле афіцыйнай заявы МУС, пара падазравалася ў фінансаванні пратэснай дзейнасці, у тым ліку аплаце штрафаў і кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне ў ізалятарах. МУС сцвярджала, што Аляксандраў аплаціў 250 штрафаў, атрымліваючы спісы і сродкі ад фонду BY_help. У чэрвені 2021 года супраць Аляксандрава было выстаўленае новае абвінавачанне – у здрадзе дзяржаве. У жніўні Следчы камітэт дадаў абвінавачанне ў ухіленні ад падаткаў. У красавіку 2022 года справу супраць Аляксандрава, Злобінай, Ірыны Леўшынай і Дзмітрыя Наважылава, якія праходзілі па «справе БелаПАН» перадалі ў суд. Андрэя абвінавацілі па чатырох артыкулах: за арганізацыю групавыхдзеянняў, што парушаюць грамадскі парадк, удзел у экстрэмісцкім фармаванні, здраду дзяржаве і ўхіленні ад сплаты падаткаў. 1 верасня 2022 года ён і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА-1. Судовы працэс па «справе БелаПАН» доўжыўся чатыры месяцы і завяршыўся 6 кастрычніка 2022 года. Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у тысячу базавых велічынь (32 тысячы рублёў). У канцы кастрычніка 2022 года яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, а пасля разгляду апеляцыі 6 студзеня 2023 года, якая не змяніла прысуду, этапавалі ў наваполацкую ПК № 1. 20 студзеня МУС уключыла Аляксандрава ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.