Вызвалены таксама Дзмітрый Наважылаў – былы дырэктар незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН У 1990-я гады Наважылаў разам з Паўлам Шараметам працаваў карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, пазней быў кіраўніком карпункта расейскага «Першага канала». Пачынаючы з 2015 года працаваў у БелаПАН. У жніўні 2018 года, пасля смерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая, стаў выканаўцам абавязкаў, а пасля – гендырэктарам БелаПАН. Дзмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Першапачаткова яго падазравалі ў арганізацыі і ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней абвінавачанне змянілі на ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК), а ў лістападзе 2021 года яго разам з Ірынай Леўшынай абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. У красавіку 2022 года справу супраць Наважылава, а таксама Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай і Ірыны Леўшынай перадалі ў суд. Дзмітрыю выставілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў: за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Судовы працэс па «справе БелаПАН» доўжыўся чатыры месяцы і завяршыўся 6 кастрычніка 2022 года. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў Дзмітрыю Наважылаву 6 гадоў калоніі і штраф у памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў). У канцы кастрычніка яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, а пасля разгляду апеляцыі 6 студзеня 2023 года, якая не змяніла прысуд, этапавалі ў ПК № 3 у Віцьбе. 20 студзеня МУС уключыла Наважылава ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.