Арыштаваны абраз ксяндза Акалатовіча прадаюць трэці раз Гэта «Паўстанне Хрыста ад труны» XVIII стагоддзя – гісторыка-культурная каштоўнасць. Абраз cканфіскавалі ў каталіцкага святара і нядаўняга палітвязня Генрыха Акалатовіча. Папярэдні аўкцыён скончыўся тым, што адзіны пакупнік пагадзіўся набыць каштоўнасць, але ў выніку так і не купіў. Падчас першага аўкцыёну пакупнікоў зусім не было. Першапачаткова абраз спрабавалі прадаць за 4 000 рублёў, пазней за 3200, а цяпер за 2400 рублёў. Усё гэта адбываецца ў межах «пагашэння даўгоў» святара, якога напрыканцы 2024-га года асудзілі да 11 гадоў зняволення за «здраду дзяржаве». Аднак паўгода таму яго вызвалілі пасля візіту ў Менск прадстаўніка Ватыкану. Цяпер Генрых Акалатовіч знаходзіцца акурат там, у Ватыкане. Раней лукашэнкаўцы ўжо прадалі ягоны Volkswagen, а таксама спрабавалі знайсці пакупніка для зямельнага ўчастку святара, але поспеху гэтыя захады не мелі.