💬 «Я не шчаслівы з той нагоды, што ён паехаў. Але, разумееце, ягоная душа – у Горадні» Польскі журналіст Барташ Веліньскі быў першым прадстаўніком медыяў, які апублікаваў фота з Анджэем Пачобутам пасля ягонага вызвалення ў красавіку. Гэты ж чалавек стаў першым, хто падзяліўся здымкам Пачобута з Горадні пасля сённяшняга вяртання экс-палітвязня ў Беларусь. Спадар Веліньскі паразмаўляў з нашым карэспандэнтам і раскрыў больш звестак пра анансаваны яшчэ ў траўні прыезд Анджэя Пачобута на радзіму. Пра сам працэс перасячэння мяжы: Анджэй перасёк мяжу на аўтамабілі сваёй дачкі, якая ездзіць паміж Беластокам і Горадняй. Гэты аўтамабіль прапусцілі. Там, мяркую, была нейкая размова на мяжы паміж Анджэем і прадстаўнікамі службаў. Але я патэлефанаваў яму каля 12-й гадзіны, і ён сказаў, што ўжо на беларускім баку. Пра тое, куды Пачобут найперш паехаў у Беларусі: Сёння з самай раніцы пасля перасячэння мяжы ён паехаў у Вялікую Бераставіцу, месца свайго нараджэння. Потым адтуль паехаў на могілкі, схіліўся над магіламі сваіх продкаў. Адтуль паехаў у Горадню. Пра магчымыя рызыкі затрымання: Анджэй знаходзіцца ў Польшчы пад апекаю дзяржавы, таму ўрад паклапаціўся пра тое, каб беларускі бок не зрабіў нічога неразумнага ў гэтай справе. Пра паралелі з лёсам Аляксея Навальнага: Анджэй казаў: "Але гэта іншая краіна, гэта іншая сітуацыя. Гэта Беларусь, а не Расея. Калі б яны хацелі мяне забіць, яны б забілі мяне яшчэ ў турме". Пра спробы адгаварыць Пачобута ад паездкі ў Беларусь: Я лічу, што Анджэй павінен быў застацца. Ён мне неяк кажа: "Чаму ты забараняеш мне ехаць да маёй сям'і, у мой горад, у маю краіну? Сопат прыгожы, Варшава прыгожая, Беласток добры і таксама вельмі прыгожы, але мая душа – у Горадні" Пра рэакцыю лукашэнкаўскай прапаганды: Яны насамрэч апынуліся ў даволі складаным становішчы. Вяртаецца надзвычай адважны чалавек. Што аўтарытарны, хлуслівы прапагандыст можа зрабіць з такім чалавекам, як Пачобут? Ён можа толькі лаяць яго, але Пачобуту гэта, вядома, як з гусака вада. Пра схаваныя палітычныя сігналы, якія могуць хавацца ў вяртанні Пачобута: Я думаю, што гэта не з'яўляецца ніякім сігналам. Гэта асабістая справа Анджэя Пачобута. Яна не мае ніякай палітычнай афарбоўкі. Гэта проста яго асабісты, прыватны выбар.