🔸 Алесь Бяляцкі выказаўся пра падтрымку Украіны беларусамі «З першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну беларусы выходзілі на вуліцы, каб пратэставаць. Арышты, прастрэленыя калені, жорсткія катаванні і збіццё, невыносныя ўмовы ўтрымання, працяглыя тэрміны – вось што перажылі сотні людзей у Беларусі за свой супраціў агрэсіі Расеі», – заявіў нобэлеўскі лаўрэат у амстэрдамскім культурніцкім цэнтры De Balie. Праваабаронца нагадаў і рэпрэсаваных у справе «Гаюна». Паводле яго, агульны лік пацярпелых можа дасягаць 1500 чалавек: «Я быў у турме, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Рэжым Лукашэнкі быў і застаецца часткай гэтай злачыннай агрэсіі з самага пачатку, і яго адказнасць відавочная. Лукашэнка і Пуцін не рызыкнулі адправіць беларускія войскі ва Украіну толькі таму, што беларускі народ катэгарычна супраць гэтай вайны. Я бачыў гэта нават у турме. Гэтая барацьба – за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі – частка глабальнай барацьбы за чалавечую годнасць. Але беларусы плацяць за яе цяжкую цану – проста цяпер». Былы палітвязень таксама заклікаў «падтрымліваць Украіну, якая змагаецца за ўсіх нас, і падтрымліваць свабодную і суверэнную Беларусь».