Засуха на Прыпяці: каля Мазыра ўзровень ракі наблізіўся да гістарычнага мінімуму Прыпяць у раёне Мазыра моцна абмялела і месцамі адышла ад берагоў на дзясяткі метраў, абгаліўшы шырокія пясчаныя водмелі. На гэта звярнула ўвагу выданне "Штодзень", адзначыўшы, што мясцовыя жыхары актыўна дзеляцца ў сацыяльных сетках ужо амаль апакаліптычнымі здымкамі ракі. Паводле даных гідрапоста ў Мазыры на 17 жніўня, узровень вады апусціўся да –7 см адносна нуля паста. Гэта адзін з найніжэйшых паказчыкаў для гэтай даты за ўсю гісторыю назіранняў — яшчэ ніжэй вада падала толькі ў 2015 годзе (–9 см). Для параўнання, сярэдні шматгадовы ўзровень Прыпяці ў сярэдзіне жніўня складае 81 см, а абсалютны антырэкорд быў зафіксаваны 11 верасня 2015 года (–21 см).