Фотафакт. Святлана Ціханоўская сустрэлася з Ніколам Пашынянам Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам адбылася ў Дубліне падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Як паведамляе прэс-служба лідаркі дэмсіл, бакі абмеркавалі становішча беларусаў у Арменіі і развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасці і парламентаў, і дамовіліся актывізаваць працу ў гэтых напрамках. Святлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру за тое, што Арменія не выдае беларускіх грамадзян на запыты рэжыму Лукашэнкі, а таксама — за запрашэнне на папярэдні саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. — Я вельмі цаню падтрымку Арменіі і нашу гатоўнасць да дыялогу. Для нас важна развіваць супрацоўніцтва, падтрымліваць сувязі паміж нашымі народамі і разам шукаць магчымасці дапамагаць беларусам, — адзначыла Святлана Ціханоўская. Мяркуючы па фота, сустрэча адбылася ў вельмі цёплай атмасферы. Нікол Пашынян прыязна ўсміхаўся, чаго даўно не было заўважна падчас яго перасячэнняў з Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні Святлана Ціханоўская мела размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а таксама сустракалася з еўрапейскімі палітыкамі, якія прыехалі на саміт.