Беларусы, якія маюць выдадзены Польшчай Dokument podróży, неаднаразова сутыкаліся з адмовай у пасадцы на рэйсы на Кіпр. Пры гэтым далёка не заўсёды пасажырам тлумачылі прычыну такой адмовы. Пасьля дзясяткаў зваротаў ад беларусаў «Дэмакратычная амбасада Беларусі на Кіпры» зьвярнулася з гэтым пытаньнем да Амбасады Польшчы ў Нікасіі. У адказе было пацьверджана, што законных падставаў для адмовы ў пасадцы толькі з-за наяўнасьці польскага Dokument podróży няма. Такія выпадкі зьвязаныя пераважна з недастатковай дасьведчанасьцю авіяперавозчыкаў пра статус гэтага дакумэнта. Дадаткова Амбасада Польшчы ў Нікасіі зьвярнулася ў офіс LOT на Кіпры, дзе таксама пацьвердзілі, што пасажыр павінен быць дапушчаны да рэйса пры прад’яўленьні Dokument podróży абавязкова разам з Karta Pobytu. Мы таксама накіравалі асобныя запыты ў авіякампаніі Wizz Air і Ryanair з просьбай даць афіцыйнае тлумачэньне па гэтай сытуацыі. Але на дадзены момант адказу яшчэ няма. Калі казаць каротка, то зараз для беларусаў з пашпартам замежніка, выдадзеным Польшчай, ёсьць магчымасьць прыехаць на Кіпр рэйсамі авіякампаніі LOT пры прад’яўленьні Dokument podróży разам з Karta Pobytu. Дзякуем Амбасадзе Польшчы ў Нікасіі за апэратыўную рэакцыю і дапамогу ў гэтым пытаньні. https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=pfbid0pMGRDNvxY6qk1rz3Sx3NvLLxpYkHpKqztnGfJ4EHHJuezizT1dwMqL2TH8x8vmtal&id=100004139494158