🌹 Выйшла багата ілюстраванае выданне пра адзін з самых яскравых рэгіёнаў Брэстчыны. Пабачыў свет навуковы зборнік «Ружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна». Кніга налічвае 384 старонкі і прысвечана гісторыі, культуры і спадчыне Ружан і наваколля. Выданне багата ілюстраванае. Асаблівая ўвага ў ім надаецца візуальным крыніцам, у тым ліку гістарычным малюнкам і фотаздымкам з фондаў Архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Пра выхад зборніка паведамляе тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука». Адзін з рэдактараў выдання Сяргей Грунтоў расказаў у сацсетках, якія даследаванні і гістарычныя матэрыялы ўвайшлі ў кнігу: «Унутры новыя знаходкі па ранняй гісторыі Ружан, матэрыял пра ксяндза Варанецкага..., гісторыя крывавага навета 1657 года, матэрыялы па этнаграфіі ружанскіх цыганоў, тэксты пра гісторыю інтэр’ера ружанскай царквы і яе протаіерэя Іаана Наўроцкага, ратаваўшага жыцці ружанцаў пад нямецкай акупацыяй; матэрыялы Брэсцкай экспедыцыі 1948 г. з вёскі Блізкая, аж два артыкулы пра Міхася Забэйду-Суміцкага, тэксты пра вернакулярную фатаграфію з вёскі Навасады, і шмат чаго яшчэ. Таксама надрукавалі поўны спіс жыхароў Ружан на 1895 год». Такім чынам, у зборніку сабраныя даследаванні розных перыядаў гісторыі Ружаншчыны — ад ранняй гісторыі мястэчка да падзей XX стагоддзя. Асобнае месца займаюць этнаграфічныя матэрыялы, гісторыі мясцовых жыхароў і архіўныя фотаздымкі.