🎩 11 лістапада 1883 года ў 🏹 Брэсце нарадзіўся польскі палітык і дзяржаўны дзеяч міжваеннай Польшчы Уладзіслаў Яшчолт. Скончыў прагімназію ў Брэсце, а затым гімназію ў Седльцах. Актыўна ўдзельнічаў у патрыятычных арганізацыях моладзі. Вучыўся ў Варшаўскім расійскім універсітэце, але быў выключаны падчас рэвалюцыі 1905 года за ўдзел у забастоўцы. Пазней вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве і Маскоўскім універсітэце, дзе скончыў юрыдычны факультэт. Пасля вучобы працаваў у Вільні, а пазней заняў пасаду намесніка пракурора ў Седльцах, пасля чаго перавёўся ў Варшаву. У 1917–1918 гадах суарганізаваў Таварыства абароны «ўсходніх крэсаў», а пасля ўдзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне. У 1922 годзе стаў кіраўніком Дэпартамента бяспекі ў Міністэрстве ўнутраных спраў міжваеннай Польшчы, затым узначаліў Дэпартамент грамадскай бяспекі і друку. У 1926 годзе быў прызначаны ваяводам лодзінскім, правёўшы рэарганізацыю ваяводскага ўпраўлення, а ў 1933 годзе перайшоў на пасаду Віленскага ваяводы, дзе займаўся эканамічным развіццём Віленшчыны. У 1935 годзе стаў міністрам сацыяльнай апекі, дзе яго дзейнасць была скіравана на пытанні аховы працы і стрымліванне забастовак. Пасля адстаўкі ў 1936 годзе адышоў ад палітычнага жыцця. Падчас Другой сусветнай вайны, пасля агрэсіі СССР, быў арыштаваны НКВД і высланы ў Сібір, затым вызвалены і далучыўся да Арміі Андэрса. Пасля вайны жыў у Лондане, дзе працягваў удзельнічаць у эміграцыйным жыцці. Памёр у 1962 годзе, пахаваны ў Лондане.