🧪 11 лістапада 1929 года, у Малых Луках (сёння 🦬 Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) нарадзіўся беларускі навукоўца, заолаг, акадэмік, замежны сябра Польскай і Літоўскай АН, Прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Леанід Сушчэня. Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і і скончыў тры класы польскамоўнай школы. Падчас вайны жыў на акупаванай тэрыторыі. Пасля вызвалення вучыўся ў вячэрняй і дзённай школах, працаваў вучнем-тэлеграфістам. У 1953 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1956 года працаваў асістэнтам кафедры заалогіі беспазваночных на біялагічным факультэце БДУ, а з 1959 года стаў навуковым супрацоўнікам Севастопальскай біялагічнай станцыі АН СССР. У 1964 годзе ўзначаліў аддзел фізіялогіі ў Інстытуце біялогіі паўднёвых мораў АН УССР. З 1971 года быў загадчыкам аддзела заалогіі і паразіталогіі АН БССР, а з 1980 года — дырэктарам Інстытута заалогіі АН БССР (з 1995 года ганаровы дырэктар Інстытута). Адначасова ў 1979—1992 гадах займаў пасаду акадэміка-сакратара Аддзялення біялагічных навук АН Беларусі, у 1992—1997 гадах быў прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі, пасля чаго стаў раднікам Прэзідыума НАН Беларусі. Памёр 19 красавіка 2015 года.