🗡11 лістапада 1714 года, у вёсцы Мала-Ельня (сёння 🏰 Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) нарадзіўся вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, кашталян і гарадскі пісар 🏹 Брэста Марцін Матушэвіч. Вучыўся ў парафіяльнай школе, пазней працягваў адукацыю ў езуітаў у Дарагічыне, Брэсце і Варшаве. У 1738 годзе стаў брэсцкім гарадскім пісарам, затым падстольнікам з 1740, стольнікам з 1746 і земскім суддзёй з 1765. Як і яго бацька, належаў да кліентэліі Сапегаў. Падчас бескаралеўя 1733—1736 гадоў падтрымаў канфедэрацыю на карысць Станіслава Ляшчынскага. У сярэдзіне 1740-х разарваў з Сапегамі і перайшоў да кліентаў Чартарыйскіх, аднак у 1750—1752 гадах, калі Чартарыйскія сталі апазіцыяй каралеўскаму двару, далучыўся да саюзнікаў Радзівілаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1756 годзе ўсталяваў кантакты з прафранцузскай партыяй у Рэчы Паспалітай і працягваў супрацоўніцтва з Радзівіламі і Браніцкім. Падчас бескаралеўя 1763—1764 гадоў зноў перайшоў да Чартарыйскіх, далучыўшыся да Радамскай канфедэрацыі. З 1768 года быў кашталянам Брэста. Хоць падтрымліваў Барскую канфедэрацыю, удзелу ў ёй не прымаў. Вядомы як аўтар мемуараў «Дыярыуш майго жыцця, колькі магу памятаць», у якіх адлюстраваны палітычныя падзеі, норавы і звычаі шляхты Брэсцкага павета. Пераклаў на польскую мову «Сатыры» Гарацыя, дадаўшы да іх свае вершаваныя «Дадаткі». Памёр 9 ліпеня 1774 года.