📚 4 лістапада 2004 года ў Адэсе памёр беларускі паэт, празаік, журналіст і ўраджэнец Брэстчыны Змітро Віталін (сапраўднае імя — Зміцер Сергіевіч). Нарадзіўся 8 жніўня 1912 года ў вёсцы Сухое (сёння ⛪️ Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначніка. У 1915 годзе разам з бацькамі апынуўся ў эвакуацыі ў Бранску, а ў 1919 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Калінкавічах. У 1928 годзе скончыў васьмігадовую школу, пасля чаго пераехаў у Мінск. Атрымаў спецыяльнасць электраманцёра, працаваў у Радыёцэнтры БССР, спачатку радыёманцёрам, а пасля карэспандэнтам. З 1930 года быў сябрам БелАПП, працаваў сакратаром часопіса «Шляхі калектывізацыі» і адказным сакратаром крычаўскай раённай газеты. У 1932 годзе паступіў на творчае аддзяленне Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Паводле паэта Сяргея Грахоўскага, вершы Віталіна высока ацэньваў Янка Купала. 23 лютага 1933 года быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускай народнай Грамады». У жніўні таго ж года яго асудзілі на ссылку ў Кемераўскую вобласць. Пакаранне адбываў у Марыінску, дзе некаторы час знаходзіўся разам з беларускімі літаратарамі Максімам Лужаніным і Зянонам Астапенкам. У канцы 1935 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры і карэспандэнтам газеты «Бальшавік Палесся». Падчас Другой сусветнай вайны служыў на фронце, з 1943 года працаваў карэспандэнтам вайсковых газет. Пасля вайны працягнуў журналісцкую дзейнасць у Вене, Адэсе і Будапешце. У 1961 годзе дэмабілізаваўся ў званні маёра і пасяліўся ў Адэсе, дзе займаўся літаратурнай творчасцю. Друкавацца пачаў у 1930 годзе. У 1932 годзе выдаў беларускамоўны зборнік вершаў «Будзем жыць». Пазней пераважна пісаў па-руску, выдаў шэраг кніг на ваенную тэматыку, сярод якіх «Первый бой» (1957), «Мы служим Родине» (1962), «Маршевая рота» (1971), «Гроза на рассвете» (1973) і «Личная война» (1983). Памёр ва ўзросце 92 гадоў. Пахаваны ў Адэсе.