🖼 31 кастрычніка 2013 года ў Мінску памёр ураджэнец Брэстчыны і мастак Аляксей Кузьміч-старэйшы. Нарадзіўся 1 чэрвеня 1945 года ў вёсцы Махро (сёння ⛪️ Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць). Нарадзіўся ў першы пасляваенны год. Бацька неўзабаве пасля вяртання з фронту памёр, і маці адна выхоўвала сямёра дзяцей. Маляваць Кузьміч пачаў з дзяцінства. На яго фарміраванне паўплывалі родныя, у тым ліку стрыечны брат Сцяпан і школьны выкладчык малявання Анатоль Рубановіч. У 1962 годзе, пасля 9 класаў, Аляксей з’ехаў у Краснаярск і паступіў у мастацкую вучэльню імя Сурыкава. Шмат часу праводзіў у мясцовым мастацкім музеі, удасканальваючы тэхніку. Пасля вучобы служыў у ракетных войсках, дзе займаўся мастацкім афармленнем і атрымаў спартыўныя разрады. У 1968 годзе пераехаў у Мінск з мэтай паступлення ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, але не паспеў падаць дакументы і ўладкаваўся на Мінскі падшыпнікавы завод. Пазней пачаў наведваць студыю жывапісу, якой кіраваў Анатоль Бараноўскі, і праз год паступіў у інстытут. Вучыўся ў Барыса Аракчэева, Натана Воранава і Пятра Крохалева. У ранняй творчасці працаваў у жанры партрэта і тэматычнай карціны. Пазней звярнуўся да філасофскіх тэм: прызначэнне чалавека, жанчыны-маці (Мадонны), духоўная роля славян. Галоўнай гераіняй яго жывапісу стала Жанчына. Сам Кузьміч называў сваё крэда: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае бог». Аўтар шырока вядомай «Галерэі Мадонн». Пісаў партрэты дзеячаў культуры: Стэфаніі Станюты (1980), Галіны Макаравай і Здзіслава Стомы (1983) і г.д. Разважаў у жывапісе і пра беларускую ідэнтычнасць — у творах «Памяці Гусоўскага» (1981), «Супрацьстаянне» (1985), «Ахвярапрынашэнне» (1989). Бацька мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча-малодшага.