🪶31 кастрычніка 1819 года памёр ураджэнец вёскі Расна (сёння 🤱 Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) і вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, публіцыст і паэт Тадэвуш Фадзей Віктарын Матушэвіч. Тадэвуш Матушэвіч нарадзіўся ў 1765 годзе. Прадстаўнік шляхецкага роду Матушэвічаў герба «Лебедзь», ён атрымаў адукацыю ў калегіуме Станіслава Канарскага ў Варшаве. У 1780-я гады стаў паслом ад Берасцейскага павета, выступаў за правядзенне рэформаў і ўдзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 года. Падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе Матушэвіч узначальваў аддзел патрэб арміі ў складзе Вышэйшага Нацыянальнага Савета. Пасля падаўлення паўстання працягнуў займацца літаратурнай дзейнасцю і дапамагаў у справах апякунства нясвіжскага ардыната Дамініка Радзівіла. З 1810 года быў міністрам фінансаў Герцагства Варшаўскага, а падчас вайны 1812 года ўдзельнічаў у стварэнні Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага. Памёр у італьянскай Балонні. Пахаваны на могілках картэзіянскага манастыра Чэртоза, дзе на надмагільным помніку выбіты надпіс «Выказаў вернасць і пастаянства паміраючай радзіме».