✡️ 31 кастрычніка 1929 года ў 🐍 Пружанах (сёння Брэсцкая вобласць) памёр рабін і вядомы юдэйскі дзеяч Эліяху Алеві Файнштайн, таксама вядомы як рэб Эле Пружанэр. Эліяху Файнштайн нарадзіўся ў 1843 годзе ў Слуцку. Яго бацька, гаон рэб Аарон, кіраваў Слуцкай ешывай, але з-за фінансавых цяжкасцяў сям’я пераехала ў Старобін. У 1851 годзе Эліяху пачаў навучанне ў рабі Ёсэфа Файмэра ў Слуцку, а пасля працягнуў вучобу ў Валожынскай ешыве пад кіраўніцтвам Нэтцыва. Пасля смерці бацькі ў 1863 годзе Эліяху заняў пасаду рабіна ў Старобіне, а пазней — у Клецку і Карэлічах. Пасля пераезду ў Пружаны, ён стаў вядомы як рэб Эле Пружанэр і працаваў тут да канца свайго жыцця. Падчас яго служэння Пружаны перажылі эпідэмію халеры, і рабін асабіста дапамагаў хворым, незалежна ад іх веравызнання. Таксама Файнштайн дапамог адбудаваць горад пасля пажару, дамовіўшыся з польскімі ўладамі аб пастаўках будаўнічых матэрыялаў без дадатковых аплат. Большасць ягоных прац не была апублікавана. Пасля яго смерці цесць, Давід Файгенбаўм, выдаў кнігу выбраных твораў Эліяху пад назвай «Халіхот Эліяху» ў Вільні.