📚 28 кастрычніка 1994 года ў Мінску памёр беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, эсперантыст, паліглот і ўраджэнец Брэстчыны Адам Паўлюкавец. Нарадзіўся 4 снежня 1939 года ў 🪷Лунінцы (сёння Брэсцкая вобласць) у сям’і рабочых. Вучыўся ў Лунінецкай школе № 1, камсамольскі білет атрымаў у 1954 годзе. Паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, але быў адлічаны праз два гады. Некаторы час працаваў на цаліне, пасля чаго прайшоў службу ў Савецкай арміі ў Мурманскай вобласці. Менавіта ў войску пазнаёміўся з мовай эсперанта. Пасля дэмабілізацыі зноў паступіў у педагагічны інстытут, вывучаў французскую мову. Быў актыўным эсперантыстам — удзельнічаў у Першым кангрэсе студэнтаў-эсперантыстаў у Балгарыі, узначальваў студэнцкі клуб і працаваў сакратаром Міжнароднага саюза студэнтаў-эсперантыстаў. Працаваў настаўнікам замежных моў у школах Мінскай, Столінскай і Лунінецкай мясцовасцяў, перакладчыкам, дыспетчарам і паштальёнам, а таксама на розных прадпрыемствах у Мінску. Апошнія гады прысвяціў папулярызацыі мовы эсперанта: выкладаў яе бясплатна ў гуртках, выдаваў машынапісны часопіс «Эсперантыст Беларусі», напісаў падручнік «Мова эсперанта» (1992), перакладаў тэксты для рэлігійных арганізацый, пісаў вершы — у тым ліку на эсперанта. Памёр пры нявыясненых абставінах. Пахаваны на Міханавіцкіх могілках.