🌟 26 кастрычніка 1980 года памёр ураджэнец Брэстчыны, савецкі ўролаг, доктар медыцынскіх навук і прафесар Іосіф Эпштэйн. Нарадзіўся 18 студзеня 1895 года ў 🏯Ляхавічах (сёння Брэсцкая вобласць). У 1922 годзе скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Спачатку працаваў ва ўралагічнай клініцы Вышэйшай медыцынскай школы, а з 1924 года звязаў сваю дзейнасць з Маскоўскім універсітэтам і Першым Маскоўскім медыцынскім інстытутам. Прайшоў шлях ад ардынатара і асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры ўралогіі, якую ўзначальваў да 1968 года. У 1939 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную туберкулёзу нырак, а ў 1949 годзе атрымаў званне прафесара. Падчас Другой сусветнай вайны кансультаваў лекараў у ваенных шпіталях. Эпштэйн быў адным з заснавальнікаў савецкай фтызіяўралогіі — кірунку медыцыны, які займаецца туберкулёзам мочапалавой сістэмы. Ён стаў адным з першых, хто ўкараняў ва ўралагічную практыку новыя метады дыягностыкі, у тым ліку тамаграфію нырак, радыеізатопную рэнаграфію і сканіраванне нырак. Напісаў 120 навуковых прац, сярод якіх восем манаграфій і падручнікаў. У 1959 годзе выйшаў яго падручнік «Уралогія». Пад кіраўніцтвам Эпштэйна былі абаронены дзве доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый. У 1963–1968 гадах узначальваў Маскоўскае навуковае медыцынскае таварыства ўролагаў. Таксама ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Вялікай медыцынскай энцыклапедыі і працаваў у рэдакцыі часопіса «Уралогія». Памёр у Маскве ва ўзросце 85 гадоў.