🔥 25 кастрычніка 2010 года ў 🏹Пінску здарыўся выбух і пажар на «Пінскдрэве». У катастрофе і ад яе наступстваў загінула 14 чалавек. Выбух на заводзе па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт адбыўся 25 кастрычніка прыкладна ў 13:00. Паводле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прычынай выбуху сталі адклады драўнянага пылу, што ўзніклі з-за парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання для вытворчасці драўняна-паліўных гранул. Пасля выбуху ўзнік пажар, а таксама абваліўся дах у памяшканні, дзе знаходзіліся 48 чалавек. Ліквідаваць пажар удалося толькі ў 15:14 дзякуючы працы больш чым 10 пажарных разлікаў. На месцы загінулі два чалавекі. У Пінскую цэнтральную бальніцу даставілі 18 пацярпелых (паводле некаторых дадзеных — 19), многіх пазней перавезлі ў Мінск і Брэст. 15 чалавек апынуліся ў рэанімацыі, прычым 14 атрымалі апёкі III і IV ступеняў, якія закранулі больш за 60 % цела. Дні 3 і 4 лістапада былі абвешчаныя днямі жалобы ў Брэсцкай вобласці. У сувязі з трагедыяй у Пінску Аляксандр Мілінкевіч заклікаў абвясціць нацыянальную жалобу, што падтрымалі прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта ў 2010-м годзе Андрэй Саннікаў і Алесь Міхалевіч. Паэт Уладзімір Някляеў, кандыдат у прэзідэнты і лідар кампаніі «Гавары праўду!», пералічыў частку ганарару ад сваёй кнігі «Окно» на рахунак дапамогі пацярпелым. Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў таксама выступіў з заявай, выказаўшы спачуванні сем’ям загінуўшых. Лукашэнка выказаў спачуванні толькі 3 лістапада. Супрацоўнікі прадпрыемства распавядалі, што, калі яны ў лістападзе прапанавалі кіраўніцтву холдынгу ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання, ім прыгразілі звальненнем, калі хто-небудзь спыніць станок або працу.