📯 24 кастрычніка 1968 года ў Варшаве памёр Кароль Мікалай Радзівіл, ардынат Давыд-Гарадокскі. ⛵️ Давыд-Гарадок — сёння 🐦 Столінскі раён Брэсцкай вобласці. Нарадзіўся 5 снежня 1886 года. Кароль Мікалай Радзівіл паходзіў з роду Радзівілаў, быў сынам князя Юрыя Фрыдэрыка і Марыі Ружы з Браніцкіх, малодшым братам князя Альбрэхта. Пасля смерці дзядзькі Станіслава стаў ардынатам Давыд-Гарадокскім — уладальнікам вялікіх зямельных уладанняў на Палессі, якія ў 1922 годзе ахоплівалі каля 155 тысяч гектараў. Скончыў класічную гімназію ў Варшаве і пачаў вывучаць сельскую гаспадарку ў Ягелонскім універсітэце. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у расійскай арміі, з 1916 года — у Пулаўскім легіёне і 1-м палку уланаў Крыхавецкіх, быў ад’ютантам генерала Доўбар-Мусніцкага. З 1918 года служыў у 12-м палку уланаў Падольскіх, ваяваў ва Украіне і перайшоў у рэзерв у ступені ротмістра. Валодаў вялікімі маёнткамі і ствараў узорныя паляўнічыя ўгоддзі. Жыў у Манькавічах (сёння Столінскі раён Брэсцкай вобласці), якія сталі месцам сустрэч яго былых таварышаў па службе і святкавання традыцый 12-га палка уланаў. У 1939 годзе быў мабілізаваны, служыў у Брэсце і СГА «Палессе». Пасля палону пад Коцкам збег, праз Італію і Францыю дабраўся да Лондана і працягнуў службу ў Войску Польскім. У 1947 годзе эміграваў у Паўднёвую Афрыку, дзе займаўся птушкагадоўляй. У 1967 годзе вярнуўся ў Польшчу. Быў пахаваны ў сямейным склепе ў Вілянуве.