🇨🇦 22 кастрычніка 1919 года ў 🐍Пружанах (сёння Брэсцкай вобласць) нарадзілася лекарка і беларуская грамадская дзяячка ў Канадзе Раіса Жук-Грышкевіч. У родных Пружанах скончыла школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля прыходу бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, а затым у Смаляніцы (Пружанскі раён). У 1942 годзе яна выехала ў Германію. У 1949 годзе Раіса пераехала ў Канаду, дзе наноў вучылася на стаматолага. У 1954 годзе скончыла ўніверсітэт у Таронта і атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Паралельна з вучобай наведвала курсы беларусазнаўства. У 1953 годзе выйшла замуж за Вінцука Жук-Грышкевіча, актыўнага дзеяча беларускай дыяспары. Раіса была актыўнай у грамадскім жыцці беларусаў у Канадзе: сяброўка Згуртавання беларусаў Канады, узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, Задзіночанне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе. Удзельнічала ў з'ездах беларусаў свету і кангрэсах беларусістаў. Ад 1978 года сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлендзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі. У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага з’езду беларусаў свету ў Мінску. Падчас гэтага прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны. Раіса Жук-Грышкевіч памерла 2 красавіка 2009 года ў Бары (Канада) і была пахавана побач з мужам на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі (ЗША).