🤩 Ураджэнка Брэстчыны Маргарыта Ляўчук вяртаецца на сцэну. Будуць і выступленні з Павуком. Беларуская спявачка Маргарыта Ляўчук пасля паўзы, звязанай з нараджэннем сына, вяртаецца на сцэну. Яна анансавала серыю канцэртаў у розных краінах Еўропы — ад класікі і джаза да сатырычных шоу і калядных спеваў. 14 лістапада ў Лімасоле (Кіпр) Ляўчук выступіць разам з піяністам Кірылам Кедуком з праграмай «New World Classics», прысвечанай музыцы XX стагоддзя з Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. 20 лістапада ў Вільні спявачка разам з Паўлам Аракелянам і гуртом Outsiders прадставіць праграму «Jazzing the Classics» — вядомыя класічныя творы ў джазавых аранжыроўках. З 27 лістапада па 6 снежня Маргарыта Ляўчук адправіцца ў тур «Красная Зелень» разам з Андрэем Павуком. Сатырычнае шоу з песнямі пра актуальныя падзеі і чыноўнікаў пакажуць у Вільні (27 лістапада), Беластоку (29 лістапада), Варшаве (4 снежня), Кракаве (5 снежня) і Уроцлаве (6 снежня). 25–27 снежня Ляўчук разам з мужчынскім хорам Unia выступіць з каляднай праграмай «HOLY NIGHT». Канцэрты пройдуць у Коўне, Вільні, Варшаве і Рызе. У рэпертуары — калядныя спевы розных народаў, старадаўняя духоўная музыка і сучасныя калядныя песні. Маргарыта Ляўчук нарадзілася ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна. У чэрвені 2024 года яе завочна асудзілі ў Брэсце на некалькі гадоў пазбаўлення волі.