🇵🇱 🚩 9 кастрычніка 1919 года ў 🪷Мікашэвічах (цяпер 🪷 Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці) пачаліся мірныя перамовы паміж польскім і савецкім бакамі падчас польска-савецкай вайны. Другі раўнд перамоваў адбыўся ў гэтым невялікім мястэчку, якое на той момант знаходзілася непадалёк ад польскага ўсходняга фронту. Абедзве дэлегацыі прыбылі сюды 9 кастрычніка 1919 года і вялі перамовы ў спецыяльным цягніку, што стаяў на запасным пуці каля станцыі Мікашэвічы. Паводле сведчанняў, прадстаўнік савецкага боку сцвярджаў: «У спрэчцы няма тэрытарыяльных пытанняў. Польшча атрымае тое, што хоча». Польская дэлегацыя зрабіла выснову, што «бальшавікі імкнуцца да міру з Польшчай любой цаной». Як адзначаў Касакоўскі ў дакладзе Юзэфу Пілсудскаму, асноўная мэта савецкіх перамоваў — атрымаць свабоду дзеянняў адносна барацьбы з Дзянікіным і Калчаком. Таму Масква была гатовая прапанаваць Польшчы мір на любых умовах, прызнаючы сваю незацікаўленасць у справах Літвы і Беларусі, у абмен на аналагічную пазіцыю палякаў адносна ўнутраных канфліктаў у Расіі. Падчас перамоваў (кастрычнік — лістапад 1919 года) польскі бок выставіў шэраг патрабаванняў, без прыняцця якіх не згаджаўся працягваць дыялог. Сярод іх — стварэнне нейтральнай зоны паміж войскамі абедзвюх краін, перадача Дзвінска-Даўгаўпілса саюзным Польшчы латышам, спыненне баявых дзеянняў супраць войскаў Украінскай Народнай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Сымона Пятлюры і забарона камуністычнай агітацыі сярод польскіх салдат. Спачатку бальшавікі былі гатовыя пайсці на частку гэтых умоваў, але рашуча адмовіліся спыніць барацьбу супраць украінцаў. У выніку перамовы хутка былі перарваныя. Актыўныя баявыя дзеянні не аднавілася, а праведзеныя ў той час аперацыі мелі лакальны характар. У студзені 1920 года група войскаў пад камандаваннем генерала Эдварда Рыдз-Сміглага заняла і перадала латышам згаданы Даўгаўпілс.