✝️3 кастрычніка 1848 года ў мястэчку Шарашова (сёння 🐍 Пружанскі раён Брэсцкай вобласці) памёр славіст, арыенталіст, багаслоў і канонік Брэсцкага капітула Міхаіл Баброўскі. Нарадзіўся 19 лістапада 1784 года на Падляшчы. Паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду. Бацька — Кірыла Баброўскі — быў высвечаны на ўніяцкага святара брэсцкім біскупам Сімяонам Млоцкім. Навучаўся ў Кляшчэляўскай царкоўнай школе і піярскім вучылішчы ў Драгічыне. Пасля ў Беластоцкай гімназіі і Галоўнай духоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце. Ва ўніверсітэце атрымаў тры ступені магістра ў філалогіі, багаслоўя і філасофіі. У 1815 годзе прыняў прысвячэнне, з 1817 года стаў брэсцкім канонікам. У 1817—1822 гадах у замежнай навуковай камандзіроўцы ад Віленскага ўніверсітэта, наведаў славянскія землі, Францыю і Італію і вывез адтуль значную колькасць кніг, якія ён прадаў потым Віленскай семінарыі. Выкладачаюся ва ўніверсітэце выступаў супраць паланізацыі і лацінізацыі. Член Археалагічнай акадэміі ў Рыме, парыжскага і лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце, камітэта па выпрацоўцы харвацкага правапісу ў Далмацы. Валодаў беларускай мовай. У сувязі са следствам па справе тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, быў разам з прафесарамі Галухоўскім, Даніловічам і Лялевель адхілены ад выкладання і высланы з Вільні. Знаходзіўся ў ссылцы ў базыльянскім манастыры ў Жыровіцах. У 1833 годзе практычна быў сасланы ў мястэчка Шарашова, дзе быў святаром да канца жыцця. У сувязі з пераследаваннем уніятаў перайшоў у праваслаўе. Памёр ад халеры. Пахаваны на шарашоўскіх могілках за алтаром царквы св. Пятра і Паўла.