📔 30 верасня 1914 года ў 🏹 Пінску (сёння Брэсцкая вобласць) нарадзіўся навукоўца-хімік і дзеяч культуры Даніла Міцкевіч — старэйшы сын Якуба Коласа. Вучыўся на хімічным факультэце БДУ, які скончыў у 1936 годзе. Працаваў асістэнтам і старшым выкладчыкам, у час вайны выкладаў у Сярэднеазіяцкім універсітэце (1941–1942), пасля ў хімічнай групе АН БССР. У 1943 годзе быў дэканам хімфака БДУ, адноўленага пад Масквой, потым — загадчыкам лабараторыі ў Інстытуце хіміі АН БССР. У красавіку 1957 года стаў першым дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа, якім кіраваў да 1980-га. Да канца жыцця працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. Удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея (1959, 1972, 1982), адкрыцці філіялаў на Стаўбцоўшчыне. Выступаў на літаратурных вечарынах, пісаў артыкулы і ўспаміны пра бацьку, Янку Купалу, Сяргея Гарадзецкага і іншых. Аўтар успамінаў і кнігі «Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа» (2000). Яго матэрыялы ўвайшлі ў кнігу памяці «І бачу пройдзеныя далі…». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1995). Памёр 7 ліпеня 1996 года ў Мінску. Пахаваны на Вайсковых могілках.