5️⃣ У музеі «Бярэсце» адкрылі мемарыяльную дошку археолагу Пятру Лысенку. 18 верасня ў археалагічным музеі «Бярэсце» ў Брэсце адкрылі мемарыяльную дошку археолагу, доктару гістарычных навук і прафесару Пятру Лысенку. Пра гэта паведамляе БЕЛТА. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей прэзентаваў новы культурна-адукацыйны праект «Берасцейскі край. Гісторыя. Традыцыі. Людзі». Першае мерапрыемства прысвяцілі 95-годдзю з дня нараджэння Пятра Лысенкі. Менавіта дзякуючы яго даследаванням было вызначана першапачатковае месцазнаходжанне старажытнага Берасця. У памяць пра археолага таксама адкрылася выстава «Першаадкрывальнік». На ёй можна ўбачыць фатаграфіі, дакументы і асабістыя рэчы Лысенкі. Сярод экспанатаў — матацыкл, на якім навуковец праехаў тысячы кіламетраў падчас экспедыцый, а таксама шапка XIII стагоддзя і рукавіца. Спецыялісты адзначаюць, што такая захаванасць тканіны — рэдкасць для археалогіі. Выстава будзе працаваць да 1 кастрычніка. Шматлікія спробы вызначыць першапачатковае месцазнаходжанне Берасця ўвянчаліся поспехам у 1968 годзе. Пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі з 1969 па 1981 год тут праводзіліся раскопкі. Археолагі выявілі больш за 220 драўляных пабудоў XI–XIII стагоддзяў, тры вулічныя маставыя, частаколы і мноства прадметаў матэрыяльнай культуры таго часу. Археалагічны музей «Бярэсце» штогод наведваюць каля 100 тысяч чалавек.