🤩12 верасня 1995 года ў 🌳 Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці сілы СПА Беларусі збілі амерыканскі паветраны шар D-Caribbean, які ўдзельнічаў у міжнародных гонках «Кубак Гордана Бэнета». 📡 Шар заляцеў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Польшчы. Абодва пілоты, амерыканцы Алан Фрэнчэль і Джон Сцюарт, загінулі. Паводле арганізатараў спаборніцтва, усе краіны на шляху паветраных шароў былі папярэджаныя, але беларускія дыспетчары вырашылі, што паведамленне было памылковым. У выніку супрацьпаветраныя сілы не былі праінфармаваныя, і беларускі Мі-24 збіў шар. Паветраны шар упаў каля Бярозы, выклікаўшы міжнародны скандал. Нягледзячы на працяглае расследаванне, дакладных прычын неабходнасці збіваць шар не было прадстаўлена. Экіпаж верталёта, які збіў шар, спачатку дапытвалі, але пазней узнагародзілі гадзіннікамі. Першапачаткова навіну спрабавалі схаваць, і пасольства ЗША ў Мінску даведалася пра трагедыю толькі праз суткі. Ніхто з беларускіх афіцыйных асоб не ўзяў адказнасць за інцыдэнт. У 1996 годзе актывісты БНФ усталявалі памятны знак на месцы падзення шара — валун з надпісам «Прабачце».