🎭 7 верасня 1958 года памёр амерыканскі тэатральны дзеяч, крытык, пісьменнік і перакладчык яўрэйскага паходжання, ураджэнец Брэстчыны Аляксандр Капель, вядомы таксама пад псеўданімам А. Мукдойні. Нарадзіўся 14 сакавіка 1878 года ў 🏯 Ляхавічах, цяпер Брэсцкая вобласць. Паходзіў з артадаксальнай яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў хедарах і ешыботах у Слоніме і Клецку, пазней жыў у Пінску, дзе далучыўся да рабочага руху сіяністаў-сацыялістаў і экстэрнам скончыў гімназію. Вывучаў філасофію, старажытныя мовы, літаратуру, драму і юрыспрудэнцыю ва ўніверсітэтах і навучальных установах Еўропы. У 1909 годзе вярнуўся ў Варшаву, дзе стаў сакратаром Яўрэйскага літаратурнага таварыства і ўдзельнічаў у стварэнні тэатральнага таварыства. Працаваў у Варшаве, Лодзі, Пецярбургу і Коўне. У 1922 годзе эміграваў у ЗША і пасяліўся ў Нью-Ёрку. Там заснаваў Яўрэйскае тэатральнае таварыства, драматычную студыю «Тэаліт», тэатральны музей і іншыя культурныя ўстановы. Капель быў адным з дзеячаў культуры ідыш і актыўна займаўся тэатральнай крытыкай, якая на пачатку ХХ стагоддзя толькі фармавалася як асобны кірунак у яўрэйскім друку. Ён супрацоўнічаў і рэдагаваў шэраг газет і часопісаў у Варшаве, Лодзі, Коўне і Нью-Ёрку, у тым ліку з 1922 года працаваў у нью-ёркскім «Морген-журнале». Аўтар кніг пра літаратуру, тэатр і культуру, а таксама чатырох тамоў успамінаў. За апошні з іх у 1956 годзе атрымаў прэмію Гофера. Апошнія месяцы жыцця правёў у доме сына ў гарах Кэтскіл. Пахаваны ў Нью-Ёрку.