📚 1 верасня 1915 года ў 🏹 Пінску (сёння Брэсцкая вобласць) нарадзіўся Славамір Равіч — падарожнік, пісьменнік, архітэктар і былы афіцэр польскага войска, аўтар сусветна вядомай кнігі «Доўгі шлях». Пасля школы Равіч паступіў у архітэктурны каледж. У 1937 годзе яго прызвалі ў польскае войска, службу ён праходзіў у Брэсце. У ліпені 1939 года, ужо будучы афіцэрам кавалерыі, ажаніўся. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Равіч вярнуўся ў Пінск, дзе быў арыштаваны НКУС. Яго дапытвалі ў Мінску, Харкаве і на Лубянцы, пасля чаго асудзілі і адправілі ў савецкі лагер. Паводле гісторыі, якую Равіч пазней выклаў у кнізе «Доўгі шлях», ён разам з групай зняволеных уцёк з сібірскага лагера і пешшу накіраваўся на поўдзень. Уцекачы нібыта прайшлі праз Манголію, пустыню Гобі, Тыбет і Гімалаі і ўрэшце дабраліся да Індыі. Равіч таксама сцвярджаў, што ў Гімалаях бачыў снежнага чалавека. У Індыі яго, паводле гэтай версіі, сустрэлі брытанскія вайскоўцы. Пасля лячэння ў Калькуце Равіч трапіў у армію генерала Уладзіслава Андэрса, якая фарміравалася ў Іране. Пазней служыў у Палесціне, дзе выкладаў у вайсковай школе, а затым пераехаў у Вялікабрытанію і прайшоў навучанне на пілота. Гісторыю Равіча запісаў брытанскі журналіст Рональд Даўнінг. Кніга «Доўгі шлях» стала міжнародным бестселерам: яе пераклалі на 25 моў, а агульны наклад склаў каля паўмільёна асобнікаў. Твор пераклалі і на беларускую мову. Аднак пазней сапраўднасць апісанага ў кнізе ўцёку паставілі пад сумнеў. Журналісты BBC знайшлі дакументы, паводле якіх Равіча вызвалілі з ГУЛАГа ў 1942 годзе падчас амністыі польскіх грамадзян, пасля чаго ён далучыўся да арміі Андэрса. Гэта супярэчыць версіі пра шматмесячны пешы пераход з Сібіры ў Індыю. Апошнія гады жыцця Славамір Равіч правёў у Вялікабрытаніі. Памёр 5 красавіка 2004 года ў Нотынгеме ва ўзросце 88 гадоў.