🕯27 жніўня 1999 года памёр беларускі мовазнаўца, паланіст, славіст і ўраджэнец Брэстчыны Вячаслаў Вярэніч. Нарадзіўся 12 сакавіка 1924 года ў вёсцы Рухча (🐦Столінскі раён, Брэсцкая вобласць). Вучыўся ў Пінскай гімназіі, педвучылішчы і Мінскім педагагічным інстытуце. Працаваў настаўнікам і дырэктарам школ, інспектарам і загадчыкам аддзела народнай адукацыі. З канца 1961 года больш за трыццаць гадоў выкладаў і даследаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. У 1967 годзе стварыў групу па вывучэнні польскіх гаворак у СССР, вынікам стала выданне зборніка «Польскія гаворкі ў СССР». У 1975 годзе абараніў дысертацыю пра інтэрферэнцыю ў астраўных гаворках. Аўтар звыш 120 навуковых прац. Асобнае месца ў яго працы займала даследаванне Заходняга Палесся. З землякамі размаўляў выключна на роднай заходнепалескай гаворцы. У 1960-я гады склаў анамастычную праграму і да 1985 года даследаваў 140 населеных пунктаў Столінскага і Пінскага раёнаў. У 1997 годзе выступаў з дакладамі пра прозвішчы і этнаграфію Палесся. У 1965 годзе пазнаёміўся з дыялектолагам Фёдарам Клімчуком, разам з якім у 1999 годзе стаў адным з ініцыятараў стварэння таварыства «Загароддзе». Сабраныя матэрыялы былі апублікаваныя ў кнізе «Палескі архіў».