⛏️25 жніўня 2020 года не стала польскага навукоўца, геолага, выкладчыка і ўраджэнеца Брэстчыны Рамана Нэя. Нарадзіўся 18 лютага 1931 года ў 🏹 Пінску (сёння Брэсцкая вобласць) будучы рэктар кракаўскага AGH. Скончыў I агульнаадукацыйны ліцэй у Тарнове (1950), затым вывучаў геалогію ў Акадэміі горнай справы і металургіі (AGH) у Кракаве, якую скончыў у 1955 годзе. Працаваў у AGH з 1952 года: спачатку як памочнік асістэнта, а пазней — асістэнт на кафедры нафтавай геалогіі. Абароніў доктарскую дысертацыю (1962), атрымаў габілітацыю (1967), стаў прафесарам (1972) і прафесарам звычайным (1976). Даследаваў пытанні геалогіі карысных выкапняў і геатэрмальнай энергетыкі, быў заснавальнікам навуковай школы нафтавай геалогіі ў AGH. Узглавіў Інстытут гаспадаркі мінеральнымі рэсурсамі і энергетыкай (1966) і двойчы займаў пасаду рэктара AGH (1971–1974, 1979–1981). Рэдагаваў шматтомную манаграфію Surowce mineralne Polski. З 1976 года быў сябрам Польскай акадэміі навук, дзе займаў кіруючыя пасады. Быў таксама сябрам Польскай акадэміі ўменняў і Польскага геалагічнага таварыства. У 1995–2001 гадах узначальваў кафедру палітыкі энергетыкі ў AGH, пазней быў рэктарам Шленскай вышэйшай школы кіравання. Пахаваны на Ракоўніцкіх могілках у Кракаве.