🩺 24 жніўня 1847 года ў 🐍Пружанах (сёння Брэсцкая вобласць) нарадзіўся ўрач, філантроп Аўгусцін Людвік Барталамей Пацэвіч. Нарадзіўся ў сям’і Канстанціна Пацэвіча і Караліны з роду Шрэтэраў. Скончыў гімназію ў Гродне, а ў 1870-х — Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу. Служыў ваенным урачом Балтыйскага флоту ў Кранштаце, пасля звальнення па стане здароўя вярнуўся на радзіму. З 1885 да Першай сусветнай вайны Пацэвіч жыў у Пружанах, займаўся прыватнай практыкай і працаваў ваенным урачом у казармах 38-га артылерыйскага палка. За медычную і грамадскую дзейнасць карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод жыхароў горада. Бясплатна лячыў бедных, аплачваў лекавыя сродкі, утрымліваў ложкі для незаможных у сваёй лякарні. Падчас Першай сусветнай вайны быў эвакуіраваны ў Пецярбург, але ў 1918 годзе вярнуўся ў Пружаны, дзе зноў адкрыў прыватную практыку. За заслугі перад грамадствам у 1924 годзе ўзнагароджаны ордэнам Адраджэння Польшчы. Памёр 20 чэрвеня 1928 года ў Пружанах. У 1926 годзе галоўную вуліцу Пружан перайменавалі ў яго гонар. Памёр у чэрвені 1928 года. Паводле запавету пахаваны сціпла — у звычайнай сасновай труне на каталіцкіх могілках. Пасля смерці ў яго доме размяшчаўся дзіцячы прытулак, цяпер там стаіць помнік спаленым вёскам у Другую сусветную вайну.