🪶22 жніўня 1978 не стала літаратара і ураджэнца вёскі Сакоўчы (сёння 🌿Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) Піліпа Пестрака. У 1921—1924 гадах працаваў лесніком 🏯 Косаўскага лясніцтва; у 1924—1926 гадах служыў у Войску Польскім. У 1926 годзе ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду Браніслава Тарашкевіча; з 1927 года сакратар Косаўскага падпольнага райкама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе, был зняволены ў Гродзенскай турме. Пасля вызвалення быў інструктарам ЦК КПЗБ па 🏹 Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе зноў арыштаваны. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года. У 1940—1941 гадах старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. У 1942—1943 гадах удзельнік партызанскага руху. Дэбютаваў у друку ў 1926 (часопіс «Родныя гоні»). Падчас зняволення змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе «Краты», які выдаваўся палітвязнямі ў міжваеннай Польшчы. Перакладаў на беларускую мову творы Элізы Ажэшкі, Івана Франко і Лесі Украінкі і шмат якіх іншых. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.